«Альпійская балада» — самая рамантычная і загадкавая аповесць Васіля Быкава і самая не быкаўская, бо расказвае не столькі пра вайну, сколькі пра каханне. Каханне беларуса Івана і італьянкі Джуліі. Прачытаўшы аповесць, Пімен Панчанка — галоўны рэдактар «Маладосці», дзе ўпершыню была надрукавана «Альпійская балада», — сказаў: «Канешне, усё тое — няпраўда, а верыцца. Значыць, гэта — мастацтва».
Апублікаваўшы «Альпійскую баладу», Васіль Быкаў усё жыццё пасля сцвярджаў, што прататыпам галоўнай гераіні была італьянская дзяўчына Джулія, якую ён сустрэў у аўстрыйскіх Альпах у час вайны і якая шукала свайго Івана, але незадоўга да смерці пісьменнік засведчыў, што ніякага прататыпа не было, і Джулію ён прыдумаў. «Бунін піша ў дзённіку, што ўсе свае творы выдумаў. Баюся сабе прызнацца, але, мусіць, і я таксама. А пасля неяк сачыняў “гісторыю стварэння”, бо няёмка было прызнацца, што прыдумаў. Дый чытачам нецікава», — запісаў Быкаў у нататніку, які быў апублікаваны ўжо пасля ягонай смерці.
Вокладка: Артур Вакараў