Afleveringen
-
У гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай, які прыгожа ўзвышаецца на левым беразе Нёману, знаходзіцца магіла айца Юзафа Мельхіёра Фардона, францішканіна, якога па праве можна назвацца нябесным апекуном Гродна. Айцец Фардон жыў на мяжы XIX-ХХ стагоддзяў. У памяці гараджан гэты святар застаўся чалавекам з вялікім сэрцам. Дагэтуль жывуць і пераказваюцца гісторыі пра тое, як ён аддаў свой абутак бяздомнаму валацугу, як змяняў жыццё людзей, дазваляючы ім адчуць шчыры клопат і давер, як спавядаў па дванаццаць гадзін у дзень, будучы сапраўдным апосталам міласэрнасці. Усеагульную любоў гродзенцаў гэты духоўны сын святога Францішка Асізскага здабыў у часы Першай сусветнай вайны, калі ўратаваў ад расстрэлу нямецкімі войскамі трынаццаць мясцовых пажарнікаў, прапанаваўшы расстраляць замест іх яго самаго. Айцец Мельхіёр Фардон будаваў новыя касцёлы, апекаваўся тайнымі манаскімі супольнасцямі, быў духоўным айцом і добрым сябрам святога Максімільяна Кольбэ, калі той прыехаў у Гродна і разгарнуў там сваю буйную выдавецкую дзейнасць. Пра постаць гэтага выбітнага святара ў новым выпуску падкаста Старонкі гісторыі, распавядае спадарыня Раіса Зянюк, даследчыца гісторыі каталіцкіх манаскіх ордэнаў і духавенства ў Беларусі ў XIX-XX стагоддзях.
-
Пасля Другой сусветнай вайны ў Беларусі засталося 225 каталіцкіх святароў. У сілу розных прычын гэта лічба ў далейшым непазбежна скарачалася, але менавіта святары з гэтай групы на працягу наступных дзесяцігоддзяў былі тымі, хто дапамог захаваць веру на нашай зямлі. Нягледзячы на шматлікія перашкоды, яны хрысцілі, спавядалі, вучылі людзей жыць па-Божаму і засталіся ў памяці вернікаў мужнымі пастырамі і сведкамі веры.
Касцёл у Беларусі, у пэўнай ступені з’яўляецца духоўным і культурным нашчадкам гэтага пакалення духавенства. Якім яно было? Адказ на гэта пытанне безумоўна дапаможа нам лепш пазнаць і зразумець саміх сябе.
Жыццё і лёс кожнага святара, які служыў у БССР, непаўторныя, але ёсць таксама і шмат агульных рыс, якія аб’ядноўваюць іх. Гэтыя даныя сістэматызавала кандыдат гістарычных навук, спадарыня Раіса Зянюк. Пра сацыяльны партрэт пасляваеннага каталіцкага духавенства ў Беларусі яна распавядае ў чарговым выпуску падкаста Старонкі гісторыі.
-
Zijn er afleveringen die ontbreken?
-
У старажытнасці помнікі над магіламі мучанікаў называлі грэчаскім словам трафей. Яны нагадвалі пра духоўную перамогу хрысціян, якія засталіся вернымі вучнямі Хрыста нават перад абліччам смерці. Трафеі часта станавіліся мэтай пілігрымак. Вернікі прыходзілі да іх са сваімі малітвамі.
Ля касцёла ў вёсцы Вішнева, недалёка ад Валожына, таксама ёсць надмагільны помнік, які можна назваць трафеем. Ён узвышаецца над магілай каталіцкага святара, езуіта, ксяндза Станіслава Міхальскага, які трагічна загінуў у 1950 годзе.
З гэтым месцам звязана адна вельмі прыгожая традыцыя. Як першыя хрысціяне прыходзілі да магіл мучанікаў за сваімі просьбамі, так і сёння ля магілы ксяндза Міхальскага збіраюцца людзі і моляцца аб новых пакліканнях – аб мужных, самаахвярных пастырах для нашай краіны, такіх якім быў ксёндз Станіслаў Міхальскі.
Пра постаць гэтага малавядомага святара распавядае наша сённяшняя госця спадарыня Раіса Зянюк, кандыдат гістарычных навук, даследчыца гісторыі каталіцкіх манаскіх ордэнаў і духавенства на тэрыторыі Беларусі ў ХІХ-ХХ стагоддзях.
-
На працягу доўгіх пасляваенных дзесяцігоддзяў у Мінску былі закрыты ўсе каталіцкія храмы. Таму адным з цэнтраў духоўнага жыцця для сталічных вернікаў вымушана стаў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным, недалёка ад Маладзечна, куды было зручна дабірацца чыгункай.
З 1944 года ў Красным служыў ксёндз Юзаф Марсангер – польскі езуіт, які апынуўся на тэрыторыі Беларусі ў рамках так званай Місіі Усход – яна праводзілася кіраўніцтвам Віленскай архідыяцэзіі падчас Другой сусветнай вайны з мэтай адраджэння касцёльнага жыцця на тэрыторыях, пацярпелых ад рэалізацыі савецкімі ўладамі палітыкі барацьбы з рэлігіяй.
Пасля вайны місія фактычна спынілася, але не для ксяндза Марсангера, які вырашыў застацца ў БССР і прысвяціць усё сваё жыццё захаванню веры на беларускай зямлі. Пра постаць гэтага святара распавядае наша госця, спадарыня Раіса Зянюк, кандыдат гістарычных навук, даследчыца дзейнасці каталіцкіх манаскіх ордэнаў і духавенства на тэрыторыі Беларусі ў XIX – XX стагоддзях.
-
З 1922 па 1926 год у Гродне жыў адзін з самых вядомых у свеце каталіцкіх святых – айцец Максімільян Марыя Кольбэ, польскі францішканін, які добраахвотна аддаў сваё жыццё за невядомага яму чалавека, асуджанага на смерць у нацысцкім канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц у жніўні 1941 года. Гродзенскі перыяд служэння Максімільяна Кольбэ быў важным этапам яго біяграфіі. Святы прычыніўся да адраджэння мясцовага францішканскага кляштара, у якім зноў пачало віраваць жыццё пасля ліхалецця пераследу Касцёла на гэтай зямлі. У горадзе над Нёманам Максімільян Кольбэ разгарнуў сваю буйную выдавецкую дзейнасць, жадаючы паставіць на службу Багародзіцы каталіцкія друкаваныя выданні з мільённымі накладамі. Менавіта ў Гродне айцец Кольбэ пасябраваў з чалавекам, які сваім прыкладам мог натхніць яго на гераічны ўчынак, здзейснены пазней у нацысцкім лагеры смерці. Гэта быў айцец Мельхіёр Фардон – францішканін, вельмі паважаны мясцовым людам, які спачывае сёння ў гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай. У часы Першай сусветнай вайны ён прапанаваў сваё жыццё ў абмен на нявінна асуджаных на смерць гродзенскіх пажарнікаў. Цалкам магчыма, што гэты мужны ўчынак стаў натхненнем для святога Максімільяна, бо як пісаў Адам Міцкевіч: “у святых святое сяброўства”. Пра малавядомы гродзенскі этап біяграфіі святога Максімільяна Кольбэ распавядае наша госця, спадарыня Раіса Зянюк, кандыдат гістарычных навук, даследчыца дзейнасці каталіцкіх манаскіх ордэнаў і духавенства на тэрыторыі Беларусі ў ХІХ-ХХ стагоддзях.
-
На працягу ХІХ стагоддзя, у выніку канфесійнай палітыкі расійскіх царскіх уладаў, колькасць каталіцкіх кляштараў на тэрыторыі Беларусі скарацілася з амаль 200 да 3 – двух жаночых і аднаго мужчынскага. Але і яны выконвалі функцыю пэўнага роду інтэрнатаў для манахаў і манахінь розных ордэнаў, што засталіся служыць на тэрыторыі нашай краіны. Манастыры заўсёды былі цэнтрамі духоўнага жыцця, таму іх закрыццё стала балючым ударам для мясцовых католікаў.
Нягледзячы на гэта вернікі працягвалі выказваць жаданне цалкам прысвяціць сябе служэнню Богу і бліжнім. Так з’явілася неабходнасць у пошуку новых форм манаскага жыцця. Ён выліўся ў з’яўленне вялікай колькасці патаемных манаскіх супольнасцей, члены якіх не насілі манаскае адзенне, але жылі згодна статутаў ордэнаў і працягвалі займацца евангелізацыяй і клопатам пра бедных, не вылучаючыся сярод людзей.
Досвед канспіратыўнага кансэкраванага жыцця затым прыдаўся ў савецкія часы, калі пераслед Касцёла атрымаў новы размах. Нягледзячы на атэістычную прапаганду вернікі працягвалі ўступаць у патаемныя манаскія супольнасці, каб дапамагаць святарам і спрыяць захаванню веры на нашай зямлі. Пра гэту малавядомую старонку гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі распавядзе спадарыня Раіса Зянюк, кандыдат гістарычных навук, даследчыца дзейнасці каталіцкіх манаскіх ордэнаў і каталіцкага духавенства ў ХІХ – ХХ стагоддзях.
-
ХХ стагоддзе было цяжкім перыядам для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: стагоддзе крывавых войнаў і таталітарных рэжымаў, прынесла шмат пакут. Але таксама пакінула нам вялікіх сведкаў веры, якія працягваюць натхняць нас сёння. Да такіх людзей, безумоўна, можна аднесці біскупа Баляслава Слосканса, які нягледзячы на знявагі, зняволенне і выгнанне, заставаўся чалавекам прабачэння і міру. З лагера ён пісаў сваім бацькам: “Прашу вас з глыбіні душы: не дазвольце, каб помста і лютасць пасяліліся ў вашых сэрцах. Калі мы дапусцім гэта, то будзем не сапраўднымі хрысціянамі, а фанатыкамі”. Баляслаў Слосканс паходзіў з Латвіі. Некаторы час ён нёс святарскае служэнне ў Віцебску, затым стаў Апостальскім адміністратарам Магілёўскай мітраполіі. У атмасферы рэпрэсій іерарх рупліва клапаціўся пра беларускіх вернікаў, нястомна наведваў парафіі, давераныя яму, ахвотна прапаведаваў на беларускай мове, прагнучы, каб Божае слова было пачута і зразумета ўсімі. У 130-ю гадавіну з дня нараджэння біскупа Баляслава Слосканса, якое адзначалася сёлета, пра беларускі перыяд яго служэння распавядзе наша госця спадарыня Раіса Зянюк, кандыдат гістарычных навук, даследчыца дзейнасці каталіцкіх манаскіх ордэнаў і каталіцкага духавенства на тэрыторыі Беларусі ў ХІХ – ХХ стагоддзях.
-
Сярод святароў, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі ў савецкія часы, вылучаецца постаць ксяндза Міхала Варанецкага. Пасля вяртання са сталінскіх лагераў у 1956 годзе ён на працягу 35 гадоў быў пробашчам касцёла святой Тройцы ў Ружанах, апякуючыся таксама многімі іншымі парафіямі на захадзе нашай краіны. У 1990-я наступіў перыяд адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Ксёндз Міхал стаў тады першым духоўным айцом Гродзенскай семінарыі, быў прызначаны Генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі, а за асаблівыя заслугі ў захаванні веры на нашай зямлі атрымаў ад святога Яна Паўла ІІ ганаровы тытул Капелана Яго Святасці Папы. Ксёндз Варанецкі адносіўся да пастыраў старой загартоўкі. Ён быў негаваркі, лагодны, задуменны, вёў сціплы, амаль аскетычны лад жыцця. Менавіта такім яго запомнілі вернікі і браты ў святарстве. Але менш вядомым з’яўляецца іншы бок жыцця гэтага пастыра – ён быў надзвычай творчым чалавекам, які пакінуў пасля сябе каштоўную спадчыну: шматтомную гістарычную хроніку ружанскай парафіі, сотні ўнікальных фотаздымкаў і традыцыйных беларускіх выцінанак, намаляваныя ім абразы і багатую эпісталярную спадчыну, якая толькі цяпер становіцца вядомай даследчыкам. Пра гэты малавядомы аспект асобы ксяндза Міхала Варанецкага распавядзе наша госця, спадарыня Раіса Зянюк, кандыдат гістарычных навук, даследчыца дзейнасці каталіцкіх манаскіх ордэнаў і каталіцкага духавенства на тэрыторыі Беларусі ў XIX – XX стагоддзях.
-
На працягу савецкага перыяду гісторыі Беларусі сотні каталіцкіх святароў, якія працавалі на нашай зямлі, прайшлі праз турмы, лагеры і высылкі, пасля якіх вярнуцца на Радзіму атрымалася ў вельмі нямногіх. Адным з такіх пастыраў быў ксёндз Юзаф Барадзюля – святар з Віцебшчыны, які правёў у няволі чвэрць стагоддзя і самыя важныя гады свайго жыцці, але нават і пасля вызвалення не меў магчымасці легальна служыць у Беларусі. Ён быў вымушаны жыць у Рызе і доўгі час займаўся душпастырствам патаемна. Толькі ва ўзросце 85-ці гадоў камуністычныя ўлады дазволілі ямы выконваць абавязкі “служыцеля культу”. Сёлета выпадае дзве юбілейныя даты, звязаныя з гэтым пастырам: 130 гадоў з дня яго нараджэння і 40 гадоў з дня яго смерці. У сувязі з гэтым па ініцыятыве Віцебскай дыяцэзіі, з тэрыторыі якой паходзіў ксёндз Барадзюля, было праведзена чарговае даследаванне яго жыццёвага шляху. Яго ажыццявіла спадарыня Раіса Зянюк, кандыдат гістарычных навук, даследчыца дзейнасці каталіцкіх манаскіх ордэнаў і каталіцкага духавенства на тэрыторыі Беларусі ў ХIX – XX стагоддзях. Пра жыццё гэтага святара з Віцебшчыны яна распавяла ў падкасце Vatican News - Ватыканскага радыё Старонкі гісторыі.