Afleveringen



  • Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядае ў гэтым выпуску пра творы і лёс Дзмітрыя Сцялецкага, выбітнага мастака, які зрабіў вялікі ўнёсак у мастацтва, але доўгія гады пражыў у эміграцыі. Нарадзіўся ў Брэсце ў 1875 годзе, атрымаў адукацыю ў Санкт-Пецярбургу і Парыжы. Сцялецкі захапляўся старажытным мастацтвам, адлюстроўваў міфічны і гістарычны вобраз Усходняй Славяншчыны ў ілюстрацыях, скульптурах і роспісах. Жыў у эміграцыі ў Францыі, дзе ствараў дэкарацыі, іконы, афармляў храмы. Яго спадчына яшчэ чакае даследчыкаў.



  • Пакаленні мастакоў і дойлідаў стваралі хараство, даючы нам уяўленне пра каштоўнасці вечныя, узняўшыся над зямной рэчаіснасцю. У гэтым выпуску гутарка ідзе пра Леона Гаспара, аднаго з такіх творцаў, чалавека незвычайнага лёсу, славутага жывапісца, чыя творчасць добра вядомая па абодва бакі Атлантыкі.
    Ягоныя творы знаходзяцца ў многіх амерыканскіх музеях і прыватных калекцыях Амерыкі, Канады, Францыі. І гледачы там разглядаюць Віцебск, Вільню і Магілёў, жыхароў беларускіх вёсак і мястэчак, а таксама дзіўных персанажаў з Кітаю, Расіі, Магрыбу і Нью-Мексыка. На жаль, твораў Леона Гаспара ў беларускіх музеях пакуль няма. Але творчая спадчына мастака сёння належыць усяму свету. А праз яе – і мастацкія вобразы нашага краю. Гледзячы сёння на творы нашага земляка, Леона Гаспара-Шульмана, сына местачковага цесляра з Беларусі, мы ўсведамляем, што на зямлі міне ўсё, а мастацтва застанецца ў вечнасці… Імя гэтага выдатнага творцы вартае таго, каб ягоную творчасць ведалі на радзіме і помнілі пра каштоўнасці вечныя.

  • Zijn er afleveringen die ontbreken?

    Klik hier om de feed te vernieuwen.



  • У гэтым выпуску Сяргей Харэўскі распавядае пра лёс Юзафа Чаховіча, аднаго з піянераў не толькі літоўскай, але і беларускай і ўкраінскай фатаграфіі. Ён быў летапісцам віленскага жыцця, амаль 15 гадоў адзіным фатографам у Вільні.
    Чаховіч меў у Вільні ўласны дом, дзе і трымаў фотаатэлье, насупраць уваходу ў Бэрнардынскі сад. Ён быў вядомы як выдатны партрэтыст, але, перадусім, яго цікавілі вуліцы і плошчы Вільні і яе ваколіцы. Ён першы ў Вільні зрабіў фотаздымкі касцёльных і палацавых інтэр'ераў, у тым ліку капліцы святога Казіміра ў катэдры, касцёла святых Пятра і Паўла ў Антаколі, палаца ў Вярках. Ён першым стаў фатаграфаваць сцэны з паўсядзённага жыцця жыхароў прадмесцяў: Бяльмонта, Кальварыі, Паплаваў, Зарэчча, Звярынца. Юзэф Чаховіч зрабіў каля 200 фотаздымкаў Вільні: надвор'е, будынкі, інтэр'еры. Дзякуючы яму мы ведаем, як выглядала Вільня ў 1870-1880-я гады.
    Творчая спадчына Юзафа Чаховіча належыць тром народам: беларусам, палякам і літоўцам. Іх супольны гістарычны лёс спалучыўся ў жыцці і творчасці мастака.



  • Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі працягвае распавядаць пра творы мастацтва і дойлідства Беларусі і пра лёсы іх стваральнікаў у хрысціянскім кантэксце. Гэтым разам ён апавядае пра вялікага беларускага архітэктара Станіслава Шабунеўскага, чыё імя было схаванае ў савецкі час. Гэты вядомы дойлід быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе і лічыўся ворагам народа да 1989 года, калі афіцыйная рэабілітацыі аднавіла яго добрае імя.
    Створанае ім складае каштоўную частку архітэктурнай спадчыны Беларусі, а ў касцёлах Бабруйска і Рэчыцы да сёння правяцца Імшы. Гледзячы на будынкі, што паўсталі дзякуючы Станіславу Шабунеўскаму, мы ўсведамляем што на зямлі мінае ўсё, а гармонія і прыгажосць застаюцца ў вечнасці…



  • У гэтым выпуску мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядае пра выдатнага архітэктара позняга барока, аднаго з найбольш яскравых прадстаўнікоў віленскай архітэктурнай школы ракако. Яшчэ пры жыцці ён здабыў сабе славу як астраном і матэматык. Тамаш Жаброўскі – выдатны беларускі і літоўскі асветнік з ордэна Езуса.
    Найбольш вядомы архітэктурны твор Жаброўскага – астранамічная абсерваторыя ў Вільні. Яна была ўзведзеная паверх колішняга корпуса езуіцкага калегіума. Вежы па кутах абсерваторыі сваімі формамі мусілі нагадваць барочныя вежы віленскіх касцёлаў. Узвядзенне заходняй вежы зацягнулася ажно да самай смерці Жаброўскага і так і не было завершанае. Пабудаваная ж паводле ягонага праекту ўсходняя вежа і сёння ўзвышаецца над Старым горадам…



  • У гэтым выпуску гаворка ідзе пра мастака Льва Дабжынскага. Асноўнымі ў яго творчасці былі вобразы Вільні і яе шматлікіх святыняў. Ім былі створаныя дзясяткі палотнаў і графічных аркушоў у розных тэхніках, на якіх мы бачым касцёлы, дамы, пакручастыя віленскія завулкі.
    Леў Дабжынскі быў заснавальнікам і чынным удзельнікам гэтак званае “Віленскай групы” мастакоў, створанай у 1937 годзе. У Вільні з поспехам прайшла яго першая персанальная выстава, пасля чаго ён атрымаў стыпендыю на стажыроўку ў Францыі. Але за тыдзень да ад’езду здарылася трагедыя, гвалтоўная смерць мастака. Пахаваны Леў Дабжынскі ў Лошы, дзе на яго магіле, што каля капліцы, пастаўлены помнік.
    У 1938 годзе ў Вільні ў Доме афіцэрскага казіно адбылася пасмяротная выстава жывапісных і графічных твораў Льва Дабжынскага, на якім былі сабраныя пейзажы, партрэты і эскізы да дэкаратыўных пано. Сябры Льва Дабжынскага з факультэта мастацтваў за ўласныя грошы арганізавалі вялікую рэтраспектыўную выставу мастака, што экспанавалася ў розных гарадах тагачаснае Польшчы. Але большасць жывапісных твораў мастака знікла пасля Другой сусветнай вайны. Некаторыя з іх зберагаюцца сёння ў зборах Вільні, Гданску і Варшавы.

  • Вінцэнт Лукашэвіч нарадзіўся ў Ракаве ў 1861 годзе, у даволі заможнай шляхецкай сям’і Дамініка Лукашэвіча. Тамсама, у Ракаве, ён і быў ахрышчаны ў колішнім дамініканскім касцёле Святога Духа. Школьную адукацыю ён завяршыў у недалёкім Мінску, а затым абраў сабе шлях мастака, працягнуўшы сваю адукацыю ў малявальнай школе Івана Трутнева ў Вільні да 1881 году. Затым выправіўся ў далёкі Пецярбург, у сталіцу царства, дзе закончыў славутыю тамтэйшую Акадэмію мастацтваў. Вучоба ў Пецярбургу, дзе Вінцэнт Лукашэвіч вывучаў пейзажны жывапіс, расцягнулася на доўгія 10 гадоў. За творчыя поспехі малады мастак неаднаразова ўзнагароджваўся сярэбраным і залатым медалямі Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, з 1888 года атрымаў стыпендыю. Праз год атрымаў залаты медаль за кампазіцыю "Анёл выводзіць Апостала Пятра з вязніцы". Ад таго часу ён назаўжды знітаваў сваю творчасць з рэлігійным жывапісам. Сёння карціны мастака знаходзяцца ў Літоўскім мастацкім музеі, Дзяржаўным Рускім музеі ў Пецярбургу, розных музеях Польшчы, а таксама ў многіх касцёлах. Вераемна, і ў Беларусі таксама, але, на жаль, пакуль мы пра гэтае не ведаем.

  • Гэты выпуск Сяргей Харэўскі прысвяціў фотамастацтву. Гутарка ідзе пра выбітнага фатографа і падарожніка, чыё імя дзесяцігоддзямі было невядомае ў Беларусі, хоць ён знесмяроціў людзей нашага краю, захаваўшы іх вобразы ў люстэрку Вечнасці. Ягоныя творы — сапраўдныя шэдэўры беларускай фатаграфіі. Выявы беларускіх сялян і вясковых прыгажунь у строях таго часу, у натуральным асяроддзі — гэта сведчанне адкрытага светапогляду і ўважлівага вока Тышкевіча. Тут і здымкі ягонага палацавага побыту, і інтэр’еры вясковых хат і корчмаў, стылёвыя будуары і салоны, сядзібы і кухні, вясковыя сцэнкi і партрэты сваякоў. Ён увасобіў у фота найважнейшыя характарыстыкі Беларусі і беларусаў таго часу.  



  • У гэтым выпуску мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядае пра мастака, чыё імя забытае на радзіме, у Беларусі, амаль згубілася ў гісторыі… Гаворка ідзе пра Яна Тысевіча, сапраўднае імя якога насамрэч было Ўладзіслаў Невяровіч. Нарадзіўся ён у маі 1814 году ў старасвецкім фальварку Марцыбелішкі Ігуменскага павета, у сучасным Чэрвеньскім раёне. А праз чатыры гады яго, сына яснавяльможных Ёахіма Невяровіча і Тэклі Немаршанскай, ахрысцілі ў Смілавіцкім касцёле Святога Вінцэнта, даўшы доўгае імя Ўладзіслаў Рох Мечыслаў.
    Верагодна, там, у Смілавічах, ён вучыўся ў славутай школе айцоў-піяраў. Бо ўжо ў 16 гадоў ён паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Ёсць меркаванне, што жывапісу ён вучыўся ў Яна Рустэма. У 1832 годзе Невяровіч быў арыштаваны за ўдзел у вызваленчым руху, і асуджаны расійскімі карнікамі на смерць. Але страшны прысуд, улічваючы ўзрост юнака, замянілі на салдатчыну. Невяровіч тым часам апынуўся ў віленскай лякарні, адкуль здолеў збегчы ажно ў далёкую Галіцыю. Адзін тамтэйшы шляхціц, які даў прытулак Невяровічу, у той час страціў сына, падобнага да Уладзіслава, і назваў уцекача за свайго сына. Так нарадзіўся Ян Тысевіч, псеўданім мастака, што стаў ягоным імем.



  • Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі працягвае распавядаць пра творы мастацтва і дойлідства Беларусі і пра лёсы іх стваральнікаў у хрысціянскім кантэксце. Гэтым разам гаворка ідзе пра славутага жывапісца, вялікага майстра рэдкага жанру – інтэр’еру, Станіслава Жукоўскага.
    Ён нарадзіўся ў шляхецкай сям'і пад Ваўкавыскам і менавіта на беларускай зямлі ўвабраў у сябе тыя фарбы і сюжэты, якімі любуюцца на яго карцінах у вядучых карцінных галерэях свету. У еўрапейскіх музеях і прыватных калекцыях захоўваецца звыш 600 твораў Жукоўскага, на шчасце, дзясяткі з іх ёсць і ў музях Беларусі.



  • Мастакі, дойліды і фатографы розных эпох, імкнуліся ствараць незямное хараство у нашай зямной паўсядзённасці. І такім чынам іх творы, і іх уласныя лёсы, адлюстраваліся ў люстэрку вечнасці, у якім сёння мы бачым незваротнае мінулае і сваю цяпершчыну. Варта тут згадаць і аднаго з самых значных мастакоў у гісторыі нашай краіны, акадэмiка жывапiсу, народнага мастака Беларусі, ганаровага акадэмiка Акадэміі навук i правадзейнага члена Акадэміі мастацтваў СССР — Вітальда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулю. Пра мастака з гучным імём і з гучнай, колісь, славаю распавядае Сяргей Харэўскі.



  • У гэтым выпуску падкаста У люстэрку вечнасці Сяргей Харэўскі распавядае пра жывапісца, які паходзіў з мастакоўскага роду Гараўскіх і чые імя амаль згубілася ў гісторыі. Біяграфія Іпаліта Гараўскага поўная няпэўнасцяў і таямніц, галоўная з якіх – апошнія гады ягонага жыцця. Нам невядомыя ні месца, ні час, ні абставіны канца ягонага зямнога шляху.
    Адной з самых адметных работ Іпаліта Гараўскага з'яўляецца карціна Ля крыжа. Смерць паўстанца. На ёй намаляваны забіты расійскімі карнікамі паўстанец, які ўпаў побач са сваім канём. Здранцвелыя ў зімовых шатах дрэвы і хмызы, высока ўзнесены ў неба крыж і забіты чалавек на снезе пад крыжам сымбалізуюць трагічную паразу паўстання 1863 года. Выдатны майстар пейзажу Іпаліт Гараўскі вельмі пранікнёна перадаў псіхалагічную складанасць сюжэту. Пад прыдарожным крыжам завяршыў свой зямны шлях паранены гэрой… Перад гледачом пададзены не проста пейзаж, а драматычны фінал паўстання. Гэты твор, вельмі трагічны паводле свайго настрою, захоўваецца цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.



  • У гэтым выпуску Сяргей Харэўскі распавядае пра славутую мэцэнтаку і філантропку, мастачку-мініятурыстку Марыю Пшаздзецкую. Яна нарадзілася ў Паставах 13 лістапада 1823 года, была дачкой палкоўніка напалеонаўскай арміі, славутага арнітолага Канстанціна Тызенгаўза і Валерыі Ваньковіч. У Паставах прайшо яе дзяцінства, там яна стварыла свае першыя мастацкія творы.
    Мастацкая творчасць Пшаздзецкай цяпер, на жаль, малавядомая, хоць яе сучаснікі адзначалі, што кожную вольную хвіліну яна прысвячала “любімым заняткам жывапісам”, найбольшага майстэрства дасягнула ў тэхніцы акварэлі. Вялікая колькасць яе твораў была знішчаная ў Варшаве падчас вайны.
    Найважнейшым мастацкім дасягненнем Марыі Пшаздзецкай стала аздоба рукапіснага кодэкса, што змяшчае польскі пераклад булы Пія IX Ineffebilis Deus аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Багаты мастацкі дэкор, што аблямоўвае тэксты, прадстаўляе гісторыю культу Маці Божай Каралевы на тле гісторыі Рэчы Паспалітае. Арнамент кожнай старонкі, змяшчае выявы каралёў, знакамітых людзей, святых заступнікаў, віды гарадоў, замкаў і храмаў. Тамсама змешчаныя выявы самых шанаваных у нашых краях абразоў Маці Божай. У 1892 сын Марыі Пшаздзецкай, Канстанцін, перадаў рукапіс наступніку Пія IX, Льву XIII. Той Кодэкс, аздоблены Марыяй Пшаздзецкай, захоўваецца цяпер у Ватыканскай бібліятэцы.
    Тамсама ёсць яшчэ адна праца, звязаная з асобай Марыі Пшаздзецкай – альбом Terra Mariana, падараваны балтыйскай арыстакратыяй Папе Льву XIII з нагоды залатога юбілею яго святарства. Альбом адлюстроўвае гісторыю хрысціянства ў Латгаліі. Ініцыятаркай і фундатаркай гэтай кнігі была Марыя Пшаздзецкая. Калі ў 2014 Латвійская нацыянальная бібліятэка зрабіла факсімільнае перавыданне альбома, то асобнік яго быў падораны і арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу.

  • Гэты выпуск прысвечаны славутаму жывапісцу, які здабыў сабе славу пры жыцці, але прайшоў няпросты шлях зямны, страціўшы многіх блізкіх… Гаворка ідзе пра Януара Сухадольскага, які нарадзіўся ў 1797 годзе ў Гродне. Там, над Нёманам, прайшло ягонае маленства. Род Сухадольскіх паходзіць з Ваўкавыскага павету. Дзед славутага мастака быў ваяводам гарадзенскім, а бацька скарбнікам літоўскім, паслом Чатырохгадовага сэйму і ўдзельнікам паўстання Касцюшкі. Януарый Сухадольскі стаў вельмі вядомым жывапісцам сваёй эпохі, уславіўшыся, перадусім, як мастак-баталіст. Адна з лепшых карцін у яго творчасці – вядомая праца "Пераправа войска Напалеона праз Бярэзіну" . Значную частку яго работ складаюць жанравыя карціны, краявіды і, натуральна, рэлігійныя творы. Але, перадусім, Сухадольскі набыў папулярнасць як аўтар рамантычных карцін патрыятычнага характару. Яшчэ да Яна Матэйкі ён прадстаўляў на сваіх палотнах вобразы з мінулага нашай краіны, якія адыгралі важную ролю ў фарміраванні нашай нацыянальнай гістарычнай свядомасці. Сухадольскі, дарэчы, ілюстраваў літаратурныя творы, у тым ліку Джорджа Байрана, а таксама Адама Міцкевіча і Вінцэнта Пола, з якімі сябраваў. Значную частку творчасці Сухадольскага складаюць касцёльныя абразы, патрэты і пейзажы. Яго вялізарны мастацкі даробак складалі некалькі сотняў жывапісных твораў. На жаль, многія з іх былі страчаны падчас войнаў, астатнія знаходзяцца ў музеях Польшчы, Расіі і Украіны, але некалькі твораў ёсць і ў Беларусі.

  • У гэтым выпуску мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядае пра Казіміра Альхімовіча – славутага жывапісца, чые творы сталі вядомы па абодва бакі Атлантыкі яшчэ пры ягоным жыцці. Казімір Альхімовіч стварыў больш за 100 твораў, разнастайных па жанрах і тэматыцы. Гэта і гістарычныя палотны, такія як Пахаванне Гедзіміна, Смерць Міхаіла Глінскага ў цямніцы, Абарона Ольштына, і міфалагічныя вобразы мінуўшчыны, і вобразы міцкевічаўскіх герояў, і вясковая тэматыка, і суровыя сцэны расейскае ссылкі, і, натуральна, абразы і рэлігійныя творы. У творах Альхімовіча спалучаецца суворы рэалізм і ўзнёслы рамантызм. Ягоная палітра няяркая і стрыманая. Матыў смерці, які часта прысутнічае ў творах Альхімовіча – гэта не смутак, а разважанні пра Вечнасць. Галоўны твор Казіміра Альхімовіча – Пахаванне Гедзіміна, напісаны ў 1883 годзе. Мастак адлюстроўвае сцэну пахавання Вялікага князя літоўскага Гедзіміна паводле паганскага абраду. Гэтае палатно ўражвае сваім элегічным, жалобным настроем. Яно дысанансам вылучаецца сярод тагачаснага гістарычнага жывапісу з яго пафасам гэраічнае мінуўшчыны. Таму і прыцягвала асаблівую ўвагу гледачоў на выставах, як у Еўропе, гэтак і ў Амерыцы, прынесшы аўтару вышэйшыя ўзнагароды і сусветную вядомасць. Казімір Альхімовіч стварыў мастацкі вобраз сваёй радзімы, рамантычны і драматычны. Трэба было мастаку прайсці свой пакручасты шлях да разумення сэрцам і душой яе трагедыі і велічы, каб расказаць пра гэта свету. Творчая спадчына мастака Казіміра Альхімовіча сёння належыць тром народам — беларусам, палякам і літоўцам. Іх супольны гістарычны лёс спалучыўся ў жыцці і творчасці мастака. На жаль, жывапісных твораў Альхімовіча ў беларускіх музеях амаль няма, яго творчасць пакуль малавядомая ў Беларусі. 



  • Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядае пра славутага мастака з унікальным лёсам і незвычайным іменем – Напалеон Орда. Гэты творца вядомы перадусім як майстар архітэктурнага пейзажу, чые творы сталіся класікай беларускага і еўрапейскага мастацтва. Уласна, толькі паводле ягоных пейзажаў, мы сёння ведаем, як выглядала Беларусь 200 гадоў таму, у люстэрку Вечнасці.
    Нарадзіўся Напалеон Орда 11 лютага 1807 года ў радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павету Мінскай губерні (цяпер мястэчка ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці) у сям'і маршалка шляхты Кобрынскага павету, інжынера-фартыфікатара Міхала Орды, які даў сыну імя французскага імператара. Напалеон Орда, узгадаваны на Палессі, урэшце здабыў сабе сапраўдную еўрапейскую славу.
    Цяжка даць веры, але яшчэ ў ХХ стагоддзі пра яго амаль не пісалі ў Беларусі. I толькі ў XXI стагоддзі мы пачалі ўсведамляць маштаб асобы нашага суайчынніка з гучным імем. Ягоныя творы зберагаюцца ў музеях Беларусі, Польшчы, Францыі, Расіі, Літвы, Украіны, дзе паўсюль яго таксама лічаць сваім.



  • Мастакі, дойліды і фатографы розных эпох, імкнуліся ствараць незямное хараство ў нашай зямной штодзённасці. Іх творы і іх уласныя лёсы адлюстраваліся ў люстэрку вечнасці, у якім сёння мы бачым самі сябе.
    Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядае пра славутага жывапісца Івана Хруцкага, чыё імя навечна ўпісанае ў гісторыю нашага мастацтва. Па ягоных творах, найперш нацюрмортах, мы пазнаем усю ягоную эпоху, у невымоўным харастве ладоў гэтае зямлі.
    На ягоную біяграфію прыпалі ўсе драматычныя падзеі ХІХ стагоддзя: войны, паўстанні і ліквідацыя святой Уніі. Яны перапляліся з ягоным асабістым лёсам. Іван Хруцкі быў пахаваны на фамільных могілках у Захарнічах. Некралога не было. Дом згарэў. На жаль, ужо ў наш час некалі дыхтоўнае старасвецкае надмагілле было пашкоджана і разрабавана. Ад сядзібы ў Захарнічах не засталося і знаку… Але назаўжды засталіся светлая памяць і сотні палотнаў мастака. Засталіся ў вечнасці… Самы вялікі, дыхтоўны збор твораў мастака, перадусім ягоных жывых нацюрмортаў, так, менавіта жывых, з трапяткім бляскам свечак, струменямі тытунёвага дыму, матылямі і птушкамі, напоўненых святлом і паветрам, зберагаецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Ягоныя творы зберагаюцца таксама ў музеях Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны, дзе паўсюль яго таксама лічаць сваім.

  • Пакаленні мастакоў, скульптараў, дойлідаў імкнуліся ствараць хараство, даючы нам уяўленьне пра каштоўнасці вечныя, узняўшыся над зямной рэчаіснасцю. Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі працягвае аповед пра творы мастацтва і дойлідства Беларусі, пра іх стваральнікаў у хрысціянскім кантэксце. У гэтым падкасце гутарка ідзе пра аднаго з такіх творцаў, выбітнага скульптара Генрыха Дмахоўскага, чый талент быў вядомы па абодва бакі Атлантычнага акіяна. У яго лёсе адлюстравалася цэлая эпоха. На радзіме героя, у вёсцы Забалоцце Мёрскага раёна, захаваўся старасвецкі парк з дубамі, якія памятаюць Генрыха Дмахоўскага. Да 200-годдзя з дня яго нараджэння ўсталяваная памятная шыльда на будынку тамтэйшага клуба. Дакладнае ж месца пахавання слыннага скульптара, вядомага за акіянам як Генры Сандэрс, атрымалася адшукаць толькі ў наш час на старажытным кургане каля вёскi Бiрулi Докшыцкага раёна. Ягоныя ж скульптуры і зараз ёсць у Вільні, Вашынгтоне, Філадэльфіі, Варшаве, Львове ды ў іншых гарадах свету.



  • Некалькі пакаленняў мастакоў імкнуліся адлюстраваць рэчаісную Беларусі, зафіксаваць, увекавечыць тое, што яны бачылі навокал. Юзаф Пешка зрабіў відарыс нашага краю мяжы XVIII і XIX стагоддзяў.
    Пешка нарадзіўся ў лютым 1767 у Кракаве. Атрымаў мастакоўскую адукацыю. Па пратэкцыі віленскага біскупа Масальскага ў 19-гадовым узросце паступіў у мастацкую школу Францішка Смуглевіча ў Варшаве. У 1793 годзе, напярэдадні паўстання Касцюшкі, малады мастак Юзаф Пешка ўпершыню наведаў Гродна, дзе пазней бываў некалькі разоў, пакінуўшы нам акварэлі і малюнкі слаўнага гораду над Нёманам.
    Далей шлях Пешкі ідзе ў Вільню, у якой ён затрымліваецца на некалькі гадоў, выкладаючы ў Віленскім універсітэце на кафедры мастацтваў. З Вільні Пешка едзе ў Пецярбург на запрашэнне цара Паўла, дзе прымае ўдзел у аздабленні імператарскага Міхайлаўскага замка. Вяртанне з Расіі праз Беларусь расцягнулася на некалькі гадоў. У гэты час Пешка стварыў цудоўную нізку акварэляў з відамі Магілёва, Шклова, Смалянаў. Некалькі выдатных акварэляў прысвечана Віцебску, па якіх мы ўяўляем цяпер той горад самага пачатку ХІХ стагоддзя, са шматлікімі храмамі. Гэтыя акварэлі маюць сёння вялікую эстэтычную і гістарычную каштоўнасць як першыя мастацкія выявы беларускіх гарадоў.
    Пра беларускія вандроўкі і творы Юзафа Пешкі распавядае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.



  • Барталамей Лявэрнь – незвычайны мастак, француз, чыё імя навечна засталося ўпісанае ў гісторыю мастацтва, хоць і было доўгія гады ў нас малавядомае.
    У пачатку 1840 года Барталамей Лявэрнь правёў у Беларусі блізу двух зімовых месяцаў. Ён бачыў наш край у эпоху самых драматычных зломаў – апагея прыгоннага рабства, “разбору” шляхты, брутальнай гвалтоўнай русіфікацыі, ліквідацыі царкоўнай Уніі, выгнання каталіцкага манаства і запусцення сотняў кляштараў. Але ён убачыў наш край у невымоўным ягоным харастве, у элегічнай зімовай цішыні, у люстэрку Вечнасці. Убачыў яго такім, якім яго сталі ведаць у цэлым свеце дзякуючы літаграфіям, зробленым паводле арыгінальных малюнкаў славутага французскага майстра.
    Апавядае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.