Afleveringen
-
Жанчына — "главное"? — Еўразум за 7 ліпеня | Новости Беларуси за 7 июля by Euroradio
-
Размовы і развагі на тэму “А што будзе пасля Лукашэнкі і якія рэформы могуць дэмсілы прапанаваць беларусам” працягваюцца ўжо не першы год. У нас ужо нібыта ёсць і праект новай Канстытуцыі, і праект закона аб люстрацыі, і некалькі праектаў эканамічных рэформ, але ж беларусам не дагодзіш. Адны кажуць, што гэта несвоечасова, іншыя, што, пакуль рэжым зменіцца, актуальнасць прапаноў знікне, трэція незадаволеныя тым, што праекты рэформ ёсць, а “агульнага бачання таго, што мы хочам пабудаваць, усё адно няма”… Карацей, самая пара для з’яўлення працы “Асновы дзяржаўнага кіравання: стварэнне навыкаў і інстытутаў”. І яна не толькі ёсць, але і будзе прэзентавана 16 ліпеня ў Варшаве, а 17-га — на фестывалі “Тутака”.
Ці здольнае беларускае грамадства пабудаваць нешта, моцна адрознае ад аўтарытарнай мадэлі кіравання, і што нам дэманструе сістэма, пабудаваная за мяжой дэмсіламі? Каму сёння патрэбна праца “Асновы дзяржаўнага кіравання: стварэнне навыкаў і інстытутаў” і для каго насамрэч гэтая кніга? Ці магчыма змяніць пабудаваную Лукашэнкам сістэму кіравання без люстрацыі і якой тая люстрацыя ў Беларусі мусіць быць? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае прафесарка кафедры дзяржаўнага кіравання Фларыдскага Атлантычнага ўніверсітэта (Маямі, ЗША), даследчыца эканамічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, сяброўка Рады БНР Паліна Прысмакова -
Zijn er afleveringen die ontbreken?
-
Цягам шасці месяцаў 2026 года “добрыя дроны” траплялі па расійскіх НПЗ больш як 200 разоў. Аднаму заводу пашчасціла больш (да яго наведваліся 2-3 разы), да іншага, напрыклад, Омскага НПЗ, дроны дабраліся толькі на пачатку ліпеня. Але дабраліся, машрут праклалі — значыцца, не апошні раз! І чым больш такіх прылётаў, тым даўжэйшыя чэргі на расійскіх АЗС і тым больш паліва адпраўляюць у Расію беларускія НПЗ. Што патрэбы Расіі не закрывае і вядзе да росту коштаў на паліва. І не толькі паліва. І не толькі ў Расіі.
Ці не прывядзе сітуацыя з палівам у Расіі да дэфіцыту яго ў Беларусі, і як хутка кошт бензіну ў Беларусі дагоніць еўрапейскія цэны? Чаму беларускія банкі не жадаюць прымаць у насельніцтва расійскія рублі і што адбываецца з курсам долара? Што адбываецца з ЗВР Нацбанка Беларусі і якую стратэгію абраў рэжым, каб справіцца з эканамічнымі праблемамі? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае аўтар і вядоўца праграмы "Оптымум" на канале “Беларусы і рынак”, эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі -
Разважаючы з высокіх трыбун пра міралюбства і гаворачы пра жаданне наладзіць добрасуседскія адносіны з усімі краінамі, лукашэнкаўскі рэжым працягвае цішком шкодзіць. І гэта не толькі пра мігрантаў на межах з Польшчай, Літвой ды Латвіяй, “шарыкі” з кантрабандай і нават не пра рэтранслятары ля мяжы з Украінай — размова пра каталіцкіх святароў. Стала вядома, што днямі яшчэ чацвёра святароў Гродзенскай епархіі, грамадзяне Польшчы, не атрымалі дазволу на працяг служэння ў Беларусі.
Чаму рэжым працягвае выціскаць з Беларусі святароў, якія маюць грамадзянства Польшчы, і ці дапаможа вырашэнню сітуацыі падача святарамі заяў на атрыманне беларускага ВНЖ? Святары ўсё часцей бяруць удзел у прапагандысцкіх акцыях прарэжымных структур, напрыклад, “Белай Русі” — чым гэта небяспечна і ці не адвернуцца ад іх праз гэта вернікі? Як пераканаць беларусаў адмовіцца ад паездак на адпачынак у Расію, і чым адметны сёлетні фэст у Будславе? Пра гэта і шмат што іншае мы і разважаем у жывым эфіры Еўрарадыё з тэалагіняй, эксперткай у галіне рэлігіі, палітыкі і абароны правоў Наталляй Васілевіч -
“Доўгатэрміновая камандзіроўка” стала для Лукашэнкі такой складанай, што стома ад яе не дазволіла яму прысутнічаць не толькі на ўрачыстасцях з нагоды святкавання афіцыйнага Дня незалежнасці, але і прыйсці вечарам на “народнае” святкаванне. Тым не менш, за выходныя адпачыць атрымалася, і ўжо ў панядзелак ён пачаў з галоўнага — спорта і вайны. Дакладней, распытваў кіраўніка НАК Дзмітрыя Лукашэнку, хто і якія санкцыі не зняў, і расказваў генералам, што іх на мясныя штурмы ва Украіну адпраўляць дакладна не будзе.
Чым адметная паездка Лукашэнкі ў Кітай ды іншыя краіны “далёкай дугі”, і чаму ён не здолеў наведаць святкаванні 3 ліпеня? Чаму настолькі важныя для Лукашэнкі “спартыўныя санкцыі” і што дае рэжыму іх зняцце? Ці варта беларусам чакаць праблем як на мяжы з Украінай, так і на межах з краінамі Еўрасаюза? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валерый Карбалевіч -
Беларусы усё яшчэ едуць у Анапу — Еўразум за 6 ліпеня | Новости Беларуси за 6 июля by Euroradio
-
Прайшло ўсяго некалькі дзён пасля трагедыі на тэрыторыі Расіі з аўтобусам, у якім беларускіх дзяцей везлі на адпачынак на мора, як чарговы аўтобус з беларускімі турыстамі патрапіў пад удар беспілотніка. Ізноў жа, фактычна на тэрыторыі Расіі. Гэтым разам, на шчасце, абышлося без загінулых. Хоць пацярпелыя, нібыта, былі і ў другім аўтобусе. Хто здзейсніў атаку, дакладна невядома. Але прапагандзе, як расійскай, так і беларускай, доказы не спатрэбіліся — адразу была абвінавачана Украіна. Хоць ні ад Лукашэнкі, ні ад іншых чыноўнікаў, таго ж кіраўніка Саўбеза Вальфовіча, такіх абвінавачванняў не прагучала. Затое з’явілася інфармацыя, таксама неафіцыйная, што рэтранслятары выключыў не Лукашэнка, а ўкраінскія беспілотнікі…
Супадзеннем ці спланаванай акцыяй сталі ўдары па беларускіх аўтобусах з турыстамі, і якія мэты ў выпадку наўмысных дзеянняў былі ў арганізатараў гэтых удараў? Ці дастаткова заяў Кіева аб недатычнасці да гэтых атак, каб даказаць сваю пазіцыю, і чаму Кіеў не хоча сам агучыць інфармацыю пра “выключэнне” рэтранслятараў? Як ва Украіне ўспрымаюць дыскусіі сярод беларусаў адносна стаўлення да магчымых удараў УСУ па аб’ектах вайсковай інфраструктуры ў Беларусі, і як апошнія падзеі мяняюць індэкс беларуска-ўкраінскіх адносін? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае палітолаг, дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі, эксперт iSANS Яўген Магда -
Насуперак папярэджанню не толькі незалежных СМІ і ваенных экспертаў, але і лукашэнкаўскага МЗС разам са старшынёй Саўбеза Вальфовічам, беларусы працягваюць ехаць у Расію (альбо праз Расію) на адпачынак. Калі не аўтобуснымі турамі, дык на ўласнай машыне. І вось тут пачынаецца: беларусы нечакана даведваюцца пра праблемы з палівам і чэргі на расійскіх АЗС! Ну, проста палітыкай яны не цікавяцца… І калі пра абстрэлы Кіева яны чулі па расійскім тэлевізары і ад узрадаваных Z-прапагандыстаў, то іх плач наконт абстрэлаў Расіі неяк прапусцілі.
Ці варта ганьбіць людзей, якія проста жывуць сваё жыццё, не цікавяцца палітыкай і едуць адпачываць на тое мора, якое ім даступна? Што застаецца, калі нармальна адпачыць хочацца, а ў Еўропу выехаць складана і дорага, у Турцыю — проста дорага, а адпачыць у роднай Беларусі — занадта дорага для звычайнага беларуса? Што абурае ў сітуацыі з абстрэламі аўтобусаў з беларускімі турыстамі і ў рэакцыі на гэтыя падзеі лукашэнкаўскай прапаганды? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае блогерка і былая палітзняволеная Вольга Такарчук -
Шклозавод “Залессе” праіснаваў 257 гадоў, перажыў двух каралёў Рэчы Паспалітай, сем цароў Расійскай імперыі, нацыстаў ды камуністаў, а вось кіравання Беларуссю Лукашэнкам перажыць не здолеў — збанкрутаваў і быў зліквідаваны. І прыкладаў, калі “моцныя гаспадарнікі” лукашэнкаўскай эканамічнай сістэмы даводзяць прадпрыемствы да банкруцтва, безліч. Эканамісты перакананыя, што калі б не “спрыяльныя ўмовы” ў выглядзе ваенных заказаў Расіі, то такіх прадпрыемстваў-банкрутаў у Беларусі было б больш.
Чаму завод з даўняй гісторыяй не здолеў перажыць праўленне Лукашэнкі, як часта і па якой асноўнай прычыне банкрутуюць прадпрыемствы ў Беларусі? Як паліўны крызіс у Расіі паўплывае на беларускіх аўтамабілістаў і пры чым тут кошты на прадукты і тавары? Што прымушае беларусаў ехаць у адпачынак на мора ў Расію, а працоўных мігрантаў шукаць працу ў Беларусі? Пра гэта і шмат што іншае мы і разважаем у жывым эфіры Еўрарадыё з рэдактаркай выдання “План Б”, эканамічнай і палітычнай аглядальніцай Вольгай Лойка -
Пункт інтарэсаў ЗША і Кітая — Еўразум за 2 ліпеня | Новости Беларуси за 2 июля by Euroradio
-
Яшчэ адзін беларускі аўтобус атакаваны дронам у Расіі. Расійскія і беларускія дзяржаўныя медыя, не чакаючы дэталяў, у адзін голас пяюць, што беспілотнік запусцілі ўкраінцы. І што гэта "прадуманая акцыя".
Лукашэнка, тым часам, ляціць у самалёце недзе паміж Інданэзіяй і М'янмай. Яму не да дронаў. Ці...?
Абмяркоўваем гэтыя і іншыя і падзеі ў эканоміцы і палітыцы Беларусі і свету з блогерам Аляксандрам Кныровічам. -
Эканамічны вынік ад паездкі за дзяржаўны кошт у Кітай палітычна-эканамічнага коміваяжора Лукашэнкі не ўражвае. Ці нам не пра ўсе падпісаныя кантракты гавораць, ці гэтым разам на эканамічны эфект разліку і не было. У адрозненне ад Інданэзіі, куды Лукашэнка не паспеў прыехаць, калі адразу стала вядома пра кантракт на 50 мільёнаў долараў. Здавалася б, для дзяржавы сума смешная, але, магчыма, гэта толькі пачатак… Дарэчы, кажуць, у Беларусі моцна абваліліся кошты на арэнду камерцыйнай нерухомасці. І нібыта гэта — толькі пачатак крызісу ўсяго рынку нерухомасці.
Чым адметная паездка Лукашэнкі ў Кітай з эканамічнага пункту гледжання і ці варта хваліцца кантрактамі на суму ў 50 мільёнаў долараў з такой краінай, як Інданэзія? Што адбываецца з коштамі на арэнду камерцыйнай нерухомасці і ці сапраўды гэта прыкмета блізкага крызісу ўсяго рынку нерухомасці? Ці варта беларусам чакаць праблем з бензінам, і чаму чыноўнікі працягваюць уводзіць валютныя абмежаванні? Гэтыя ды іншыя эканамічныя тэмы абмяркоўваем у жывым эфіры Еўрарадыё з Прадстаўніцай па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага пераходнага кабінета, эксперткай у сферы дзяржаўнага кіравання і міжнароднага развіцця, магістаркай эканомікі Алісай Рыжычэнка -
2 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё — сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, пісьменнік, былы палітвязень Павел Севярынец.
Беларускае грамадства, беларуская дзяржава павінны жыць паводле сваёй нацыянальнай ідэі. І нават у сітуацыі, калі гэтая ідэя сутыкаецца з супрацьдзеяннем, непрыняццем, неразуменнем, яна праб’е сэрца сама, навылёт. У той самы момант, калі мы яе выказваем, калі мы пачынаем маліцца па-беларуску, спяваць па-беларуску, размаўляць па-беларуску. Бог працуе праз сэрцы людзей, там перагародкі зносяцца імгненна. Гэта будзе, і будзе гэта як паводка, перакананы Павел Севярынец.
Пра тое, чаму неабходна захоўваць сваю беларускасць у любых умовах, чаму важна пусціць Бога ў сваё сэрца, і што нам рабіць з Расіяй, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Паўлам Севярынецам. -
1 ліпеня ў парламенце Францыі адбылася прэзентацыя групы міжнародных назіральнікаў пад кіраўніцтвам Фрэдэрыка Пеці. На гэтую прэзентацыю французскія парламентарыі запрасілі двух прадстаўнікоў беларускай супольнасці, якія наўпрост былі звязаны з арганізацыяй і правядзеннем выбарчай кампаніі ў Каардынацыйную раду апошніх двух скліканняў: кіраўніцу Выбарчай камісіі Алену Прыходзька і распрацоўшчыка праграмы для галасавання Паўла Лібера.
Чым цікавыя французскім парламентарыям выбары ў Каардынацыйную раду і якія пытанні яны задавалі прадстаўнікам Беларусі? Ці ведаюць у Парыжы пра колькасць людзей, якія прагаласавалі на апошніх выбарах у КР, і як паставіліся да агучанай лічбы? Што найбольш уразіла французскіх палітыкаў у інфармацыі пра ўмовы і цяжкасці выбарчай кампаніі ў КР і што плануюць пазычыць для ўласнага ўжывання? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае экс-кіраўніца Выбарчай камісіі на выбарах у Каардынацыйную раду Алена Прыходзька -
Развагі пра тое, што стала нагодай для паездкі Лукашэнкі ў Кітай — неабходнасць займець абарону ад Пуціна ці паскардзіцца на дзеянні Украіны, — атрымалі нечаканы адказ: найперш ехаў ён на выпускны Мікалая. І хоць сустрэча з Сі Цзіньпінам была, і з кіраўніцтвам Пекінскага ўніверсітэта размаўлялі (нават дрэва пасадзілі), але ўсё гэта нібыта было для фону. Пакуль жа Лукашэнка святкаваў атрыманне Мікалаем дыплома, ізноў узнікла непаразуменне з рэтранслятарам ля мяжы з Украінай, а ў Мінску адмянілі парад 3 ліпеня.
Ці можна лічыць “сяброўскую” сустрэчу з Сі і пасадку дрэва на тэрыторыі Пекінскага ўніверсітэта падставай для паездкі ў Кітай на дзяржаўныя грошы? Ці змянілася за апошні год успрыманне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі еўрапейскімі інстытуцыямі і які вынік ініцыяванага Беларуссю пасяджэння Рады бяспекі ААН? Што мяняе ў сітуацыі з рэтранслятарамі факт іх “выключэння” ўкраінскім бокам і вызваленне рэжымам 32 зняволеных? Пра гэта і шмат што іншае мы і разважаем у жывым эфіры Еўрарадыё з кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, сябрам Каардынацыйнай Рады Паўлам Латушкам -
Як вызваліцца ад "рускага міру"? — Еўразум за 1 ліпеня | Новости Беларуси за 1 июля by Euroradio
-
Гісторыя ведае не адзін прыклад таго, як небяспечна звяртацца да Расіі па ваенную падтрымку і дапамогу. І справа не ў тым, што не дапамогуць альбо здрадзяць, а ў тым, што пасля таго, як дапамога аказана, проста аддзячыць за яе і адправіць расійскае войска дамоў не так і проста. Бліжэйшы па часе для беларусаў выпадак можна знайсці ў гісторыі Рэчы Паспалітай. Салдаты не проста не сыходзяць, а пачынаюць з дапамогай настаўнікаў і святароў (ідэолагаў) несці вам свой “рускі свет”. Супрацьстаяць якому калі і можна, то толькі праз пашырэнне свайго нацыянальнага свету і сусвету. Да прыкладу, калі казаць пра нас сённяшніх, праз “Адукацыйныя магістраты”.
Чым заўсёды быў небяспечны зварот па ваенную дапамогу да Расіі і што рабілі нашы продкі, калі не было магчымасці выправадзіць рускіх праз дзверы? Што з сябе ўяўляюць “Адукацыйныя магістраты” і на вырашэнне якіх праблем іх дзейнасць мусіць быць скіравана? Які вынік працы іншых Магістратаў і ці захоўваюць беларусы ў эміграцыі цікавасць да свайго? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае гісторык, вядоўца гістарычнага ютуб-канала “Вусы Скарыны”, грамадскі актывіст Цімафей Акудовіч -
Тэрміновае пасяджэнне Рады бяспекі ААН, прысвечанае ўдару дрона па аўтобусе з беларускімі дзецьмі на тэрыторыі Бранскай вобласці Расіі, прайшло 29 чэрвеня па запыце Беларусі. Падчас гэтага пасяджэння прадстаўнік Беларусі пры ААН Рыбакоў заявіў, што беларускі бок мае “доказы таго, што атака была здзейснена ўдарным беспілотнікам украінскай вытворчасці”. Тэму імгненна падхапілі прадстаўнікі Расіі, якія наўпрост вінавацілі Украіну ў трагедыі. А ў гэты час Лукашэнка ў Кітаі наведваў Пекінскі ўніверсітэт. Той самы, дзе яго сын Мікалай атрымліваў дыплом па спецыяльнасці “Біятэхналогіі”.
Чым адметнае пасяджэнне Рады бяспекі ААН, скліканае па ініцыятыве Беларусі, і якіх наступстваў ад яго варта чакаць? Што прываблівае Кітай у Беларусі і ці супакоіць Лукашэнку таварыш Сі пасля паездкі таго на Валдай? Як зменіцца палітыка Літвы адносна Беларусі пры новым прэм’ер-міністры, і чаму “гарызонт візіту Коўла ў Беларусь” праглядаецца няўпэўнена? Пра гэта і шмат што іншае мы і разважаем у штотыднёвым жывым эфіры Еўрарадыё з палітычным аглядальнікам, гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам -
У адрозненне ад практычна сакрэтнай (у сэнсе вынікаў) сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным на Валдаі паездка яго ў Кітай асвятляецца прапагандай з усіх бакоў, падрабязна, ледзь не да хвіліны. З Валдая — толькі малаўцямнае мармытанне Пуціна пра Лукашэнку, у якога “няма панікі праз вокрыкі Зяленскага”. З Пекіна — фота-відэа: Лукашэнка і Сі Цзіньпін, ён жа і кіраўніцтва Пекінскага ўніверсітэта, а вось ён ужо з выпускнікамі. Паралельна даюць выступленні Снапкова альбо пасла Беларусі ў Кітаі пра перспектывы беларуска-кітайскага супрацоўніцтва…
Чым Беларусь цікавая Кітаю і якія інтарэсы мае на мэце Пекін, сустракаючыся з Лукашэнкам адразу пасля яго паездкі да Пуціна? Што хаваецца за маўчаннем пра вынікі сустрэчы на Валдаі, і ці будзе Сі бараніць Лукашэнку ад яго сябра з Крамля? Які вынік ініцыяванага Беларуссю пасяджэння Рады Бяспекі ААН, і калі чакаць новага ўльтыматуму ад Зяленскага? Пра гэта і шмат што іншае мы і разважаем у штотыднёвым жывым эфіры Еўрарадыё з дацэнткай, кандыдаткай гістарычных навук, эксперткай па міжнароднай палітыцы Розай Турарбекавай - Laat meer zien